У Беластоку праходзіць фестываль ŻubrOFFka
Музыка выканаўца Forest Swords трапіла ў фільм „Упадак дома Ашэраў”, які быў паказаны падчас адкрыцця міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно ŻubrOFFka. На фестывалі ў асноўным прадстаўлены кароткаметражныя фільмы, але адбываюцца і суправаджальныя паказы кіно з усяго свету, выставы, майстар-класы і канцэрты.
Фестываль вядомы ва ўсёй Польшчы ды за межамі, кажа сябра журы Моніка Паўлючук:
– Мае сябры кінематаграфісты любяць прыязджаць на Падляшша. Фестываль мае вельмі добры конкурс, што з’яўляецца вельмі важным элементам, яго цэняць. Беласток мае адпаведную атмасферу, усе адчуваюць тут сябе добра. Усходняя гасціннасць, а таксама тое, што яны робяць гэта спакойна і адначасова прафесійна. Я лічу, што спалучэнне ўсяго гэтага з’яўляецца рэцэптам добрага фестывалю.
Фестываль працягнецца да нядзелі, уваход на ўсе кінапаказы ў яго межах дармовы. Праграма фестывалю на сайце zubroffka.pl.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
