У Беластоку праходзіць сесія гарадской Рады
Падвышэнне цэнаў на квіткі ў грамадскім транспарце ў Беластоку, а таксама змена назвы вуліцы Лупашкі – гэта галоўныя тэмы, якія разглядаюцца сёння на сесіі Рады Беластока. Ёсць таксама праект пастановы аб падвышэнні цэнаў на вываз смецця.
Цяпер ідзе дыскусія наконт мэтазгоднасці падвышэння цэнаў на праезд, гаворыць старшыня „Ініцыятывы для Беластоку” Катажына Штоп-Руткоўская:
– Увесь час дыскусія пра падвышэнне цэн у Беластоку. Гаворым, што змяншаецца лічба пасажыраў у грамадскім транспарце. Ці падвышэнне цаны на білет павялічыць лічбу пасажыраў? Давайце зробім змены ў грамадскім транспарце. Мы, як „Ініцыятыва для Беластока”, маем гатовыя прапановы. Давайце сядзем і падумаем, як змяніць грамадскі траспарт. А тады ўжо можна паразмаўляць пра падвышэнне кошту.
Калі радныя падтрымаюць прапанову ўладаў горада, то з першага сакавіка квіток на праезд будзе каштаваць 4 злотых, месячны квіток будзе каштаваць 100 злотых. Пазней чакаецца галасаванне Рады па накіраванні ў суд справы супраць рашэння ваяводы Падляшскага, які адмяніў ранейшае рашэнне Рады пра змену назвы вуліцы Лупашкі на Падляшскую.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток