У Беластоку прапануюць падтрымаць сям’ю Алеся Пушкіна



У Беластоку адкрылася выстава, прысвечаная мастаку Алесю Пушкіну, які быў закатаваны ў лукашэнкаўскай турме. 14 дзён 14 беларускіх мастакоў працавалі ў рэзідэнцыі «Дом творца», які сёлета быў заснаваны ў Беластоку. Вынік гэтай працы быў прадстаўлены на выставачнай пляцоўцы «Не-тэатра».

Кіраўнік „Дома творца” Сяржук Доўгушаў паведаміў, што выстава таксама дабрачынная, на ёй можна купіць карціны, а грошы пойдуць на падтрымку рэпрэсаваных мастакоў і сям’і Алеся Пушкіна:

– Мы аб’яўляем тое, што любую працу, любую карціну можна набыць. Частку грошай мы перадамо рэпрэсаваным мастакам, а частку – сям’і Алеся Пушкіна. Выстава будзе доўжыцца амаль два тыдні. Вы можаце прыходзіць яе глядзець, а таксама вы можаце запытацца, даведацца кошт і набыць карціну. Таксама вы можаце ахвяраваць любую суму, якая дапаможа і мастакам, і  аплаціць тыя высілкі, якія былі на гэта ўсё патрачаныя.

Выстава ў «Не-тэатры» будзе працаваць штодзень да 18 жніўня – у будні ад 16-й да 20-й гадзіны, у выходныя дні – з 11-й да 20-й гадзіны. Увесь гэты час на выставе будуць дзяжурыць валанцёры.

Беларускае Радыё Рацыя