У Беластоку прэзентавалі анталогію вершаў Ежы Нахілы



„Не можа стаць іначай” – анталогію вершаў паэта і журналіста Ежы Нахілы прэзентавалі ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа ў Беластоку. Тэксты для зборніка падабрала і апрацавала ўдава памерлага ў 2010 годзе паэта Дыяна Нахіла, а выданне ажжыццявіў фонд «Суседзі».

nachila_zbornik

Адмыслова для прэзентацыі сябры пісьменніка і журналіста падрыхтавалі таксама відэа-ролік з запісамі ягоных вершаў. Як адзначае Дыяна Нахіла, беларуская мова не была яе мужу чужой:

– Мова, на якой размаўляюць у ваколіцах Дубровы-Беластоцкай, вельмі блізкая да беларускай. Ён меў вялікую павагу да беларусаў, да прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Я ад яго дазналася пра “Крыві”, пра беларускіх бардаў, пра Касю Камоцкую – яго любімую выканаўцу. Ежы вельмі любіў гэтую музыку, эмацыйна быў звязаны з беларускай мовай, бо адчуваў, што гэтая мова – з ягоных родных мясцін.  

Ежы Нахіла паходзіў з Кругла з-пад Дубровы-Беластоцкай. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага часопіса „Карткі”, шмат гадоў працаваў у беластоцкай штодзёнцы „Кур’ер Поранны”, дзе кіраваў культурнай і грамадскай часткамі. Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі. Памёр 31-га снежня 2010 года.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток