У Беластоку прэзентавалі кнігі пра Бельск і Ласіцы



У Падляшскай бібліятэцы імя Лукаша Гарніцкага прэзентавалі навуковыя альбомы пра гісторыю дзьвух падляшскіх гарадоў. Назва першай кнігі – „Найстаражытнейшыя прывілеі каралеўскага горада Бельска з XV i XVI стагоддзяў” аўтарства Вальдэмара Букоўскага і Дароты Міхалюк, а другой – „Прывілеі каралеўскага горада Ласіц 1505-1779” Андрэя Бучылы і Яраслава Завадскага.

Кажа прафесар Дарота Міхалюк:

– Мы працавалі над кнігай, якая з аднаго боку мае навуковы характар, а таксама мае форму альбому з выдатнымі фаграфіямі. Мы стараліся напісаць яе перадусім такім чынам, каб яна была скіравана на асобаў, якія не займаюцца гісторыяй прафесійна, таму мы разлічвалі на залатую сярэдзіну.

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак

– Гэта выданне навуковае, але выдадзена так прыгожа, што напэўна кожны аматар гісторыі Бельска Падляшскага з прыемнасцю возьме ў рукі, а пры нагодзе і прачытае.

Бліжэйшым часам, па інфармацыі навукоўцаў, падобная прэзентацыя пройдзе ў бібліятэцы ў Ласіцах, а з часам магчыма і ў Бельску.

Беларускае Радыё Рацыя