У Беластоку прэзентавалі праект “Tolerancja jest ok”
Адукацыя моладзі – гэта сродак барацьбы з ксенафобіяй, расізмам і праявамі неталерантнасці, кажуць удзельнікі канферэнцыі „Białystok dla tolerancji”. У час сустрэчы былі прадстаўлены прыклады дзейнасці на карысць міжкультурнай адукацыі і супрацьдзеяння расізму.
Цэнтр імя Людвіка Заменгофа прэзентаваў праект “Tolerancja jest ok”.
У майстр-класах за ўвесь час іх правядзення ўзяло ўдзел каля 1600 беластоцкіх маладзёнаў. Аднак адукацыя дзяцей – гэта не ўсё, кажа Люсі Лісоўская з варшаўскай габрэйскай абшчыны, трэба таксама займацца адукацыяй бацькоў, якія часам даюць дрэнны прыклад маладому пакаленню:
– Мы бачым на форумах, што робіцца – габрэі, паўсюдна габрэі. Палякі паўсюдна бачаць габрэяў – ва ўрадзе поўна габрэяў, у судзе поўна габрэяў, куды не паглядзіш – паўсюдна габрэі. А калі пытаеш: „Ці ведаеш нейкага габрэя?”, то адказвае: – „Не”. Пытаюся: „Як ты можаш так казаць, калі не ведаеш?” Кажу: „Я габрэйка”, тады ён ад здзіўлення адкрывае рот.
Праекты на карысць талерантнасці пачалі праводзіць у 2011 годзе пасля выпадкаў ксенафобіі, якія былі зафіксаваныя ў розных населеных пунктах Падляшша. Сярод найбольш гучных выпадкаў: размаляваная сінагога ў Орлі, зафарбаваныя літоўскія надпісы на ўказальніках у гміне Пуньск, апаганьванне помніка забітым габрэям у Ядвабнэ.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя