У Беластоку прэзентавалі кнігу пра Сакрата Яновіча
Асабістыя ўспаміны і навуковыя даследаванні сабраныя пад адной вокладкай у кнізе “Сакрат Яновіч. Трансгранічны пісьменнік”. Яе прэзентацыя адбылася на філалагічным факультэце Беластоцкага ўніверсітэту, і сабрала рэдактараў, аўтараў і прыхільнікаў творчасці Сакрата.
[Not a valid template]
Кніга аздоблена фотаздымкамі выбітнага творцы з розных перыядаў яго жыцця, а таксама да яе прыкладаецца плыта з аўдыёзапісамі, што стала магчымым дзякуючы нашаму Беларускаму Радыё Рацыя. На думку прафесара Алега Латышонка, кніга поўнасцю адпавядае натуры Сакрата:
– Гэта “сакратава кніга”, паколькі для Сакрата гэта ўсё было блізкім. Ён знаходзіў сябе і ў малой форме, і ў эсэ, і раманы пісаў. Мушу сказаць, што гэтая кніжка вельмі выдатная. Я пачаў яе чытаць недзе ў 11 гадзін вечару, чытаў да трэцяй начы, далей ужо не меў сілаў, але як прачнуўся, то да поўдня яе дачытаў. Навуковыя тэксты менавіта вельмі добрыя, такі мадэрновы падыход да іх, але і цікавыя ўспаміны. Так што выдатна, выдатна.
Кніга “Сакрат Яновіч. Трасгранічны пісьменнік” напісана на дзвюх мовах – беларускай і польскай. У час прэзентацыі прагучала меркаванне, што яна можа стаць пачаткам шэрагу новых публікацый і даследаванняў на тэму творчасці Сакрата, а таксама яго асобы.
* * *
Выданне ўключае, сярод іншага, навуковыя матэрыялы ды ўспаміны, якія тычацца выбітнага беларуска-польскага аўтара.
Прадстаўленне кнігі чакалася яшчэ раней, у лістападзе мінулага года ў час канферэнцыі ў Беластоцкім універсітэце, прысвечанай Сакрату. Тады і казалі пра Сакрата Яновіча як пра пісьменніка, для якога няма межаў.
Сярод рэдактараў новай кнігі Гражына Харытанюк-Міхей з Універсітэта ў Беластоку:
– Гэта аўтар якога перакладалі на розныя мовы, у тым ліку на польскую мову. Ён існуе таксама ў гэтай беларускай прасторы, ён быў цудоўным арганізатарам, арганізаваў гэтыя сустрэчы ў Крынках – вельмі важныя, яны ўвогуле выходзяць па-за межы, па-за гэтую адну мяжу – польска-беларускую. Увогуле відаць яго трансгранічнасць у цэлым, сюды прыязджалі людзі з усяго свету, яго асноўнай мэтай быў распаўсюд гэтай літаратуры, перш за ўсё беларускую культуру ў Еўропе і свеце.
Прэзентацыя кнігі „Сакрат Яновіч – трансгранічны пісьменнік” адбудзецца сёння на філалагічным факультэце Беластоцкага ўніверсітэта. Пачатак а 17 гадзіне паводле польскага часу.
Сярод рэдактараў выдання – супрацоўніцы ўніверсітэта Катажына Савіцкая-Межынская і Данута Завадская. Да кнігі далучана кружэлка з аўдыёзапісамі, якая паўстала дзякуючы Беларускаму Радыё Рацыя.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя