У Беластоку пройдуць Дні сучаснага мастацтва
34 раз Беластоцкі асяродак культуры ладзіць у Беластоку Дні сучаснага мастацтва.
Фестываль будзе мець характар неспакою, беспарадку, іншадумства і супраціву. Мерапрыемства пройдзе з 20 па 26 траўня. Кажа дырэктар асяродака Гражына Дваракоўская:
– Як звычайна цікавы. Так кожны год стараемся скласці праграму, каб кожны з гледачоў мог знайсці штосьці для сябе. Магчыма гэты год даволі спецыфічны, маю ўражанне, што вяртаемся ў 80-я гады, калі 34 гады таму ўпершыню прайшлі Дні сучаснага мастацтва. Яны таксама характарызаваліся пэўнай непакорай, пэўным хаосам. Неяк стараемся адказаць на пытанне, што зрабіць з той нашай нязгодай ці нашым бунтам.
На фестываль завітаюць творцы з Беларусі і Украіны. Кажа Катажына Крушэўская, каардынатар мерапрыемства:
– Будзе тое, што зацікавіць беларускае асяроддзе – гэта музычна-візуальна-літаратурны праект з удзелам мастакоў з Украіны, Польшчы і Беларусі. Унікальны праект, кожны раз, калі ён прадстаўляецца, то гэта новая рэч, якая спалучае ў сабе і паэзію, і музыку, і візуалізацыю групы. Кожны раз ён адаптуецца да новых абставін, новых месцаў, новых гледачоў.
„Дні сучаснага мастацтва” праводзяцца з 1985 года, гэта адна з вядучых падзей у Беластоку і на Падляшшы. Галоўным чынам гэта тэатральны фестываль, але кожны год яго ўзбагачае і дапаўняе выяўленчае мастацтва, музыка, кінамастацтва і сустрэчы з творцамі і артыстамі.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя