У Беластоку пройдуць юбілейныя Дні крэсовай культуры
Да пачатку юбілейных 20-х дзён крэсовай культуры у Беластоку застаецца меней за тыдзень. Гэты добра вядомы зараз ў Польшчы і за яе межамі фэст калісьці пачаўся са сціплага кірмашу. Сёння Таварыства сяброў Гародні і Вільні запрашае на Дні крэсовай культуры ўдзельнікаў з розных гарадоў Польшчы, Літвы і Беларусі, кажа старшыня таварыства Рафал Цернік:
– Супрацоўнічаем у асноўным праз польскія арганізацыі. Гэта Гародня, Менск, у мінулым годзе далучылася выдатная каманда з Віцебска. Маем добрую супрацу з Лідай і выдатную супрацу з Іўем праз каталіцкі касцёл. Стараемся наладзіць супрацу з усімі месцамі, дзе ёсць хоць невялічкая група палякаў, якая хоча штосьці рабіць і штосьці робіць.
20-я Дні крэсовай культуры пройдуць у Беластоку з 2 па 19 сакавіка. Апошняй важнай падзеяй дзён будзе святкаванне 30-годдзя Таварыства сяброў Гародні і Вільні. З падрабязнай праграмай мерапрыемства можна пазнаёміцца на сайце таварыства.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота ciekawepodlasie.pl