У Беластоку пройдзе фестываль New Pop Festival



У Беластоку пройдзе фестываль New Pop Festival. Але наведаць яго змогуць толькі асобы, вакцыянаваныя ад каронавіруса. 

Бясплатнае запрашэнне на фестываль змогуць атрымаць таксама першыя сто чалавек, якія прышчэпяцца ў спецыяльным пункце вакцынацыі, які будзе працаваць у бліжэйшую нядзелю з 10 да 16 гадзін у двары Палаца Браніцкіх. Пра гэта распавёў намеснік прэзідэнта Беластока Рафал Рудніцкі:

– Хацеў бы запрасіць беластачан 10 – 11 ліпеня, субота – нядзеля, да Палаца Браніцкіх. Тут 4-ы раз адбудзецца музычны фестываль поп-музыкі, на высокім узроўні. Падрыхтаваліся мы ў бліжэйшую нядзелю ад 10-ай да 16-ай правесці спецыяльную акцыю ў рамках вакцыянавання. Будзе ўсталяваны адмысловы пункт, дзе можна будзе зрабіць прышчэпку. Для першых сто асоб, якія зробяць прышчэпкі, чакае запрашэнне на два дні фестывалю. Запрашаем усіх, каб атрымаць прышчэпку і паслухаць добрую музыку.

У сваю чаргу прафесар Роберт Флісяк нагадаў, што прышчэпкі – гэта адзіны шанец грамадства вярнуцца да нармальнага жыцця і нагадаў, што ў Польшчы зараз адзін з самых нізкіх узроўняў заражэння ў Еўропе.

– Хачу звярнуцца да тых, хто яшчэ вагаецца, маўляў, можа яшчэ пачакаць, можа яшчэ пабачыць як будзе. Сотням мільёнаў людзей, якія ўжо атрымалі прышчэпку, ведаем, яна паспрыяла вяртанню да нармальнага жыцця. Каб пазбегнуць вялікіх ахвяр на будучыню не застаецца нічога іншага, як узмацніць сваю адпорнасць праз вакцыянаванне.

Для жадаючых прайсці вакцынацыю ў бліжэйшую нядзелю будуць даступныя вакцыны Moderna, Pfizer, Johnson & Johnson. Першыя сто чалавек атрымаюць квіткі на два дні музычнага фестывалю New Pop Festival. Гэта падзея адбудзецца ў Беластоку 10 і 11 ліпеня. Сярод іншых на ёй выступяць такія зоркі як Paweł Domagała, Muniek i Przyjaciele, Organek i Artur Rojek.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя