Бел-чырвона-белыя сцягі і сотні людзей на вуліцах Беластока (абноўлена)



Вуліцамі Беластока прайшоў беларускі марш. Сотні ўдзельнікаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і лозунгамі прайшлі з-пад помніка Юзэфа Пілсудскага пад беларускі кансулят па вуліцы Электрычнай у Беластоку.

У гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўдзельнікі выказалі пратэст супраць рэпрэсій у Беларусі, ушанавалі памяць ахвяр рэжыму Лукашэнкі і паказалі, што беларусы па-ранейшаму змагаюцца за свабоду і годнасць.

– Вельмі рады зноў бачыць вялікую колькасць людзей на той самай вуліцы, на якой знаходзіцца беларускі кансулят. Вельмі шмат змянілася за гэты год. Я ўпэўнены ў адным на сто адсоткаў, што жыццё беларусаў ніколі не будзе ранейшым пасля тых дзеянняў, якія ў чарговы раз учыніла ўлада.

Марына Ляшчэўская з фонду Беласток 20/20:

– Шмат людзей прыходзіць, шмат людзей падтрымлівае. Гэта вельмі радасна. Энергія зноў у людзей з’яўляецца. Думаю, што не трэба спыняцца, думаю, што трэба далей змагацца з гэтым рэжымам.

– Таксама сёння праходзіць акцыя ва Ўроцлаве, у Варшаве, Лодзі. І гэтыя акцыі па ўсёй Польшчы. У Літве, ва Украіне, у Еўразвязе і далей на Захад. Галоўная мэта – паказаць нашу салідарнасць і паказаць, што пратэст не здзьмуўся.

Пад беларускім кансулятам у Беластоку свае вершы зачытала Валярына Куставая і Андрэй Хадановіч. Прагучала таксама песня „Муры” у выкананні пісьменніка і духоўны гімн „Магутны Божа” ў выкананні Веранікі Кругловай і Валерыі Дэле.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

***

Бел-чырвона-белыя сцягі і сотні людзей на вуліцах Беластока. Тут у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі прайшоў шматлюдны марш.

Удзельнікі прайшлі з-пад помніка Юзафа Пілсудскага пад беларускі кансулят. Пад будынкам яны ўспомнілі ахвяраў рэжыму Беларусі, а таксама ўсклалі кветкі і знічы.

Марш паказвае, што беларускае грамадства не пагаджаецца з вынікамі мінулагодніх выбараў, – кажа Сяргей Дылеўскі:

– Галоўная мэта сённяшняга маршу – гэта паказаць так званым уладам у Беларусі, што за год нічога не змянілася. То бок беларускі народ як быў нязгодны з рэзультатамі тых выбараў, так нязгодны і цяпер. І яшчэ паказаць, што беларусы Беластока салідарныя.

Пад беларускім кансулятам у Беластоку былі прысутныя таксама беларускія пісьменнікі Валярына Кустава, Міхась Андрасюк і Андрэй Хадановіч. Удзельнікі маглі таксама пачуць песню „Муры” ў выкананні Андрэя Хадановіча, які зрабіў пераклад песні на беларускую мову.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Беластоку праходзіць марш салідарнасці з Беларуссю. Марш пачаўся ад помніка Юзэфа Пілсудскага, потым пройдзе па вуліцах Сянкевіча, Пілсудскага, Браніцкага і завершыцца пад Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь.  суарганізатарка Маршу салідарнасці Кацярына Дэрман распавяла у эфіры Радыё Рацыя, што марш прысвечаны гадавіне пратэстаў у Беларусі

А 15-й гадзіне планавалася імша ў катэдральным касцёле Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі. Але ўрэшце курыя беластоцкай дыяцэзіі не дала на гэта дазволу. ***

У нядзелю 8-га жніўня ў Беластоку пройдзе марш салідарнасці з Беларуссю.

У нашым эфіры – Кацярына Дэрман – суарганізатарка Маршу салідарнасці.

РР: Прайшоў год, як адбыліся ў Беларусі прэзідэнцкія выбары. Ці сённяшні марш нейкім чынам прымеркаваны да гэтай даты?

Кацярына Дэрман: Так, ён прымеркаваны менавіта да гэтай даты. І гэтая дата ўвойдзе ў гісторыю. Мы выходзім, таму што нашая барацьба працягваецца. Бо мы ведаем, што год таму нас падманулі. Нашыя галасы скралі. Таму мы выходзім, каб яшчэ раз паказаць як нас шмат і што мы разам. За гэты год мы сталі бліжэй адзін да аднаго і мы прагнем свабоды і ідзем да яе.

Марш пачнецца а 16:00 ад помніка Юзэфа Пілсудскага, пройдзе па вуліцах Сянкевіча, Пілсудскага, Браніцкага і завершыцца пад Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь. Акцыя ўзгоднена з уладамі Беластоку. Улады Беластоку нас падтрымліваюць, за што ім вялікі дзякуй! З намі сёння будуць пратэстныя барабаншчыкі з Менска. З намі таксама будзе паэт Андрэй Хадановіч, які пераклаў верш “Муры” на беларускую мову, лідар стачкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі. Спадзяюся, што гэта будзе знакавая падзея!

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

* * *  

А 15-й гадзіне планавалася імша ў катэдральным касцёле Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі. Але ўрэшце курыя беластоцкай дыяцэзіі не дала на гэта дазволу.

Марш пачнецца а 16:00 пад помнікам Юзэфа Пілсудскага, пройдзе па вуліцах Сянкевіча, Пілсудскага, Браніцкага і завершыцца пад Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь.

Паводле прэс-рэлізу