У Беластоку пройдзе Марш выклятых жаўнераў



Акцыя прымеркавана да нацыянальнага дня памяці „Выклятых жаўнераў”. На мерапрыемства запрашаюць сябры арганізацыі „Усепольская моладзь”.

Адным з выклятых жаўнераў з’яўляецца Рамуальд Райс „Буры” – адказны за забойства каля 80-ці беларусаў ў студзені і лютым 1946 года.

У бліжэйшую суботу марш у гонар „Бурага” пройдзе ў Гайнаўцы, супраць правядзення якога выступаюць мясцовыя жыхары.

Паводле старшыні „Усепольскай моладзі” ў Беластоку Шымона Паплаўскага, многія з арганізатараў беластоцкага маршу будуць удзельнічаць у маршы ў Гайнаўцы:

– У Гайнаўцы не мы гэта арганізуем, арганізуюць іншыя асобы. Як кіраўнік падляшскага округу „Усепольскай моладзі” магу сказаць, што мы туды збіраемся.

10-га сакавіка ў кіно „Ton” адбудзецца паказ фільма Эвы Шакаліцкай „Podwójnie wyklęty” пра Рамуальда Райса. Пасля фільма адбудзецца сустрэча з аўтаркай і гісторыкам Інстытута нацыянальнай памяці, кажа суарганізатар Пшэмыслаў Клімэк:

– 10 сакавіка, а 17-й гадзіне, адбудзецца паказ фільма „Podwójnie wyklęty”, які спалучаны з сустрэчай з Эвай Шакаліцкай, а таксама з гісторыкам ІНП Астапюком.

Ідэя адзначэння Дня выклятых жаўнераў належыць былому прэзідэнту Польшчы Леху Качыньскаму. Дзень быў устаноўлены амаль адзінагалосным рашэннем польскага Сойма.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя