У снежні ў Беласток завітае „ZubrOFFka”



Цар вяртаецца ў Беласток. Гаворка пра цара пушчы – зубра, які з’яўляецца сімвалам міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно „ZubrOFFka”. Фестываль адбудзецца ужо ў пачатку снежня ў Беластоку і некалькіх мясцовасцях Падляшскага ваяводства. Сёлета ізноў новыя прапановы ў праграме,  напрыклад, новы конкурс на эксперыментальнае кіно і відэаарт.

Мацей Рант – дырэктар фестівалю  „ZubrOFFka” кажа, што стужкі, якія пабачым, з’яўляюцца расповедам пра сучаснага чалавека і тое, што яго атачае:

– Свет у мініяцюры, ён такі разнастайны, такі шматкаляровы. Часта здараецца, што нашыя праблемы ці нашыя радасці не з’яўляюцца выключна нашымі. Свет гэтым жыве. Мяркую, што стужкі, якія мы адабралі, сапраўды моцныя.  

Стужак на конкурсных паказах будзе звыш ста дваццаці. Апрача таго пройдуць выставы, канцэрты, майстар-класы ды адмысловыя паказы, як анімаваныя дакументы, фільмы пра танец, беларускае дакументальнае кіно.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток