У Беластоку пройдзе Міжнародны кніжны кірмаш



Сёмы Міжнародны кніжны кірмаш пройдзе ў Беластоку 20-22 красавіка. Сёлета мерапрыемства, спалучанае з літаратурным фестывалем, прапануе наведвальнікам вялікую колькасць аўтарскіх сустрэч, імпрэзаў для дзяцей і шырокі выбар выдавецтваў. Адметна, што міжнародны статус кірмашу надаюць прыватныя выдавецтвы з Беларусі, – кажа старшыня Фундацыі Суседзі, якая арганізуе мерапрыемства, Анджэй Каліноўскі:

І я думаю, што гэта важна. Па-першае, гэтыя кнігі змогуць усе чытаць. Некаторыя словы могуць быць незразумелыя, але можам чытаць і таксама глядзець з перспектывы тых незалежных беларускіх выдаўцоў, як яны пішуць, як ідуць у бок Еўропы. Гэта такая місія фундацыі, каб усё ж дбаць пра пісьменнікаў з Усходу.

У Беластоку будуць прадстаўлены беларускія выдавецтвы: Arche, “Янушкевіч”, “Кнігазбор” і “Галіяфы”. Таксама ў межах Міжнароднага кніжнага кірмашу адбудзецца сустрэча з Мірай Лукшай, якая стала адной з лаўрэатак сёлетняй літаратурнай прэміі прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага. Кірмаш пачнецца ў пятніцу а 10-ай гадзіне ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі.

Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kobiecybialystok.pl