У Беластоку распачынае сваю дзейнасць беларускі Дыскусійны клуб



У беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку распачынае працу Дыскусійны клуб. Гэта будзе пляцоўка для аматараў падыскутаваць па ўсіх правілах дэбатаў на розныя злабадзённыя для беларусаў тэмы. Павучыцца адзін у аднаго, як весці дыскусію і як у ёй перамагаць.

Гаворыць адзін з арганізатараў Дыскусійнага клуба:

-Я ўсё ж такі спадзяюся, што тут больш падбярэцца такі касцяк і людзі ўжо будуць абмяркоўваць пэўныя тэмы, якія важныя для нашай краіны і для нашага грамадства. У нашай супольнасці ёсць вельмі вялікая праблема, калі людзі скатваюцца ад нармалёвай дыскусіі да абразаў. І галоўнае, што вынік ад такой дыскусіі можна сказаць ніякі. А тут мы спрабуем навучыць людзей, як зрабіць так, каб дасягнуць у дыскусіі сваёй мэты.

Ужо сёння ў памяшканні хаба «Новая зямля» па вуліцы Вышынскага, 6А адбудзецца першая такая дыскусія на тэму: «Легалізацыя баявой зброі ў Беларусі. За ці супраць?» Пачатак а 15-й гадзіне.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя