У Беластоку распавялі пра гісторыю беларускага дударства
У Беластоку прайшла чарговая вечарына ў межах клуба аматараў гісторыі Beer&History.

Гэтым разам гаворка ішла пра гісторыю дуды і традыцыі беларускага дударства. Адмысловы госць імпрэзы – Віктар Гурыновіч распавёў пра дуду, яе гісторыю, яе механізм і выкарыстанне на прыкладзе свайго ўласнага інструмента. А таксама зайграў на ёй некалькі мелодый.

На думку Віктара, у новай свабоднай Беларусі дуда будзе займаць вялікае месца і як традыцыйны беларускі інструмент і як адзін з сімвалаў беларускай нацыянальнай культуры:
– Гэта інструмент новай Беларусі, новага адраджэння, бо дуда і арнаментарная сімволіка – гэта аснова традыцыйнай культуры. Дуда можа заняць неверагодна шырокую нішу культуры. Апошнім часам наогул было модна клікаць дудара на сучаснае вяселле – гэта вельмі шыкоўна лічыцца. Дудароў клічуць на пэўныя імпрэзы, якія звязаныя з ушанаваннем паўшых. Гэта можа быць і вайсковай культурнай з’явай у будучыні Беларусі. Выкарыстанне я бачу даволі шырокім.
Наступная вечарына ў межах клубу аматараў гісторыі Beer&History адбудзецца праз тыдзень, у бары Beer4U і будзе прысвечана беларускім замкам.

Беларускае Радыё Рацыя
