У Беластоку размаўляюць пра беларускія вёскі
У Цэнтры падтрымкі няўрадавых арганізацый адбудзецца сустрэча з цыклу «Ці ты мяне яшчэ помніш? – ухоплена аб’ектывам», прагучыць даклад, прысвечаны гісторыі мясцовасці Трасцянка (што ў Нарвянскай гміне, на Гайнаўшчыне). Пра мінулае мясцовасці будзе распавядаць прэзэс Падляшскага генеалагічнага таварыства Марэк Карнілюк:
– Я маю вельмі шмат цікавай інфармацыі пра Трасцянку. Маю метрычныя кнігі, якія датычаць Трасцянкі, метрычныя кнігі парафіі Пухлы. Ёсць шмат людзей, якія хочуць прыйсці на сустрэчу. Будзе вельмі прыемна паслухаць і даведацца штосьці новае пра Трасцянку. Нам ёсць пра што паразмаўляць.
Пачатак мерапрыемства, датычнага Трасцянкі, а 17-й. Дагэтуль у рамках цыклу «Ці ты мяне яшчэ помніш? – ухоплена аб’ектывам» распавядалі пра гісторыю парафіі ў Вольцы Выганоўскай (што ў Орлянскай гміне). На 19 красавіка запланаваная сустрэча, прысвечаная Цялушкам (што ў гміне Заблудаў), якую правядзе Гражына Харытанюк-Міхей з Кафедры беларускай культуры Універсітэту ў Беластоку.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя