У Беластоку развіваюць дарожную інфраструктуру
Падляшскі ваявода падпісаў дакумент, які дазваляе пачаць будоўлю транспартнай развязкі ў Парослах. На адрэзку трасы №8, што пры выездзе на Варшаву, з’явіцца двухузроўневае скрыжаванне і два кіламетры новай двухпалоснай дарогі.
Гэта доўгачаканая інвестыцыя, якая ўдасканаліць транзітны рух у напрамках усход – захад і поўнач – поўдзень, кажа ваявода Багдан Пашкоўскі:
– Прапанаваныя тэхнічныя рашэнні, якія дазволяць зрабіць рух у кірунку Варшавы і Беластока больш бяспечным. Гэта неабходная інвестыцыя, бо гэты адрэзак быў незакончаны.
Прэзідэнт горада прызначыў на рамонт 140 мільёнаў злотых. Аднак, самае таннае выкананне такой працы каштуе каля 240 мільёнаў.
Прэзідэнт горада Беластока Тадэвуш Трускаляскі разлічвае на фінансавую дапамогу з боку ўрада Польшчы і Генеральнай дырэкцыі нацыянальных дарог і аўтастрад.
Лукаш Ленюк, Беларускае Радыё Рацыя