У Беластоку сабралі звыш тысячы подпісаў за захаванне вуліцы „Лупашкі”



Звыш тысячы подпісаў сабралі прыхільнікі ініцыятывы за захаванне ў Беластоку вуліцы імя маёра Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”. Сёння ўсе подпісы, а таксама пратэст супраць намераў перайменавання вуліцы, ініцыятыўная група, у склад якой уваходзяць Усяпольская Моладзь, падляшскі аддзел Радыкальна Нацыянальнага Лагеру ды “Клуб газеты польскай”,  аднеслі ў магістрат.

„Не дадзім у крыўду нацыянальнага польскага героя”, – кажа актывістка Усяпольскай моладзі Бажэна Карзіньска і старшыня беластоцкага аддзела арганізацыі Марцін Кулеша

– Наведалі магістрат у сувязі з абаронай вуліцы „Лупашкі”. Наш пратэст быў распачаты зборам подпісаў. Сабралі мы 1061 подпіс жыхароў Беластока за абарону сучаснай назвы вуліцы імя Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”.

– Гэта асяроддзе, якім залежыць на тым, каб паслядоўна знішчыць памяць нашай гісторыі. І ў сувязі з тым, калі ў іх атрымаецца збэсціць памяць польскіх афіцэраў, яны не спыняцца. Таму мы мусім абараняць.  

Подпісы за захаванне вуліцы „Лупашкі” збіралі ля гарадскога стадыёну перад матчам, а таксама падчас канферэнцыі пра „Лупашку”, якая прайшла тыдзень таму ў ваяводскай управе.

Раней з ініцыятывай перайменаваць вуліцу „Лупашкі” выступіў дэпутат ад Падляшша Кжыштаф Трускаляскі ды падляшскі адзел Страйку жанчын. Бліжэйшая сесія рады Беластока запланавана на 25 сакавіка. Пакуль у павестцы дня сесіі няма разгляду пытання пра вуліцу „Лупашкі”.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя