У Беластоку стартавала калядная акцыя малюнкаў для беларускіх добраахвотнікаў
Беластоцкая філія „РУХу” пры партнёрстве з хабам „Новая зямля” у Беластоку абвясціла калядную акцыю малюнкаў для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Малюнкі павінны быць прысвечаныя беларускім ваярам ці быць выкананыя на любую беларускую тэматыку.
Кажа сузаснавальніца беларускага хабу „Новая зямля” у Беластоку Надзея Салаўёва:
– Малюнкі могуць маляваць усе, дарослыя і дзеці да 22 снежня. Яны павінны быць прысвечаныя ваярам ці на любую беларускую тэматыку. Праца можа быць выканана любым спосабам, можна клеіць, майстраваць, маляваць фарбамі і алоўкамі. Чакаем да 22 снежня. Яны потым паедуць напэўна разам з усімі гэтымі падарункамі да беларускіх ваяроў, каб іх пацешыць.
У Беластоку малюнкі прымаюцца да 22 снежня ў хабе „Новая зямля” (ul. Stefana Wyszyńskiego 6a), з панядзелка па пятніцу, з 18-й па 21-ю. Адпаведна ў хабе працягваецца збор грашовых сродкаў беларускіх ваяроў Другога інтэрнацыянальнага легіёна і калядных падарункаў для дзяцей, чые бацькі загінулі ў вайне ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя