У Беластоку стартаваў Міжнародны кніжны кірмаш



Беласток з 24 красавіка стаў кніжнай сталіцай на ўсход ад Віслы. Распачынаецца IV Міжнародны кніжны кірмаш, арганізатар якога – Фонд “Суседзі”.

Яго кіраўнік – Пётр Брысач наведаў ранішнюю студыю нашага радыё. Ён адзначыў, што кірмаш наведвала па 15 тысяч чалавек. Арганізатары пашыраюць праграму, чакаецца 70 выдавецтваў, у тым ліку пяць – з Беларусі:

– Мы хочам, каб гэтае мерапрыемства палюбілі яшчэ мацней. Бо яно таго вартае. Мы робім адзіны кірмаш у Польшчы, уваход на які бясплатны. На ўсе спатканні ў межах фестывалю – таксама. Да нас прыедзе 30 пісьменнікаў, 70 выдавецтваў з Польшчы і Беларусі.

Мы ў Фондзе “Суседзі” маем такую філасофію, што не адракаемся сваіх каранёў, мы іх паказваем і падкрэсліваем. Мы – з Беластоку, і мы гэтага не сарамацімся, бо мы знаходзімся на стыку двух светаў – Усходу і Захаду. І калі мы не зробім сваёй місіяй спрыянне Усходу, тлумачэнне Усходу, то ніколі большасць палякаў не будзе ведаць, што направа на мапе есць насамрэч. Бо за назвай „Беларусь”, „Расея” стаіць мноства культур, моў, вельмі цікавых рэчаў, якія мы проста мусім паказваць. У суботу адбудзецца прэзентацыя кніг беларускіх пісьменнікаў Анатоля Трафімчыка „1939 год і Беларусь: забытая вайна” і пасмяротны зборнік Юрыя Гуменюка “Краіна нязьдзейсьненых мараў”. 

Міжнародны кніжны кірмаш працягнецца ў Беластоку тры дні. Пераважна ён будзе праходзіць у будынку Падляшскай оперы і філармоніі, аднак частка аўтарскіх сустрэчаў запланаваная ў Лялечным тэатры, які размяшчаецца побач з операй. Сярод беларускіх выдавецтваў чакаюццца: АРХЭ, “Хурсік”, “Галіяфы”, “Янушкевіч” і “Мір”.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота wspolczesna.pl