У Беластоку ўручылі прэмію імя Льва Сапегі
Прэміі імя Льва Сапегі ўручаныя ў Беластоку. Лаўрэаты атрымліваюць магчымасць на працягу дзесяці месяцаў праводзіць свае даследаванні ў пяці вядучых універсітэтах Польшчы. Прэмія існуе ўжо 15 гадоў, яе мэта – адзначыць асоб, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і ў станаўленне незалежнай і дэмакратычнай Беларусі з увагі на супольную гісторыю нашых краін.

Кажа беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, лаўрэат прэміі за 2020 год:
– Самае галоўнае, што я лічу, гэта магчымасць працягу даследаванняў у вядучых універсітэтах Польшчы, супраца з вядучымі даследчыкамі той тэматыкі, якая мяне цікавіць. Але таксама магчымасць прадэманстраваць свае ўжо даследаванні польскім калегам і самае галоўнае – польскаму грамадству. Галоўная тэма даследавання – гэта польска-савецкая даваенная мяжа на тэрыторыі Беларусі. Тэма вельмі актуальная сёння.

Лаўрэаткай прэміі імя Льва Сапегі за 2021 год стала даследчыца тэмы Чарнобыльскай катастрофы Кацярына Крывічаніна. У мінулым годзе за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю яна страціла працу ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Для даследчыцы прэмія – гэта цяпер адзіная магчымасць займацца навукай:
– Прэмія распачалася з прыгожага Ягелонскага ўніверсітэта. Гэта выдатная мажлівасць скарыстацца інфраструктурай універсітэта для правядзення сваіх навуковых даследаванняў, гэта магчымасць наладзіць навуковыя кантакты з тымі людзьмі, якія спецыялізуюцца, у тым ліку і на гісторыі Чарнобыля. Наступны, дарэчы, будзе ў мяне ўніверсітэт у Беластоку, варшаўскі, познаньскі і ўроцлаўскі ўніверсітэты.
Урачыстае мерапрыемства ўручэння прэміі імя Льва Сапегі прайшло ў будынку беластоцкага ўніверсітэта.








Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
