У Беластоку ўшанавалі памяць жаўнераў Чырвонай арміі



З нагоды Дня перамогі ў Беластоку ўшанавалі памяць жаўнераў Чырвонай арміі. На гарадскіх могілках сабраліся жыхары, нашчадкі жаўнераў, якія загінулі ў час вайны, і прадстаўнікі Беларускага консульства ў Беластоку.

Прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да помніка жаўнерам Чырвонай арміі, запалілі знічы і памаліліся над магіламі.

– Яны аддалі свае жыцці, і ніхто ў нашым краі не думае, каб хоць слова дзякуй ім сказаць.

Віцэ-старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:

– У цывілізаванай краіне мы павінны ўшаноўваць памяць любых людзей, якія загінулі за свабоду. Радавыя салдаты ішлі ў бой, незалежна ад штандараў, ад палітычных лозунгаў, ідэалогіі.

– Я сюды прыходжу, ускладаю кветкі, запальваю зніч. Я раблю гэта майму тату, які меў толькі 36 гадоў, калі загінуў. Я нават не ведаю, дзе ён ляжыць.

На ўрачыстасці не было прадстаўнікоў гарадскіх ды дзяржаўных уладаў. Апошнім часам у Польчшы вялася дэкамунізацыйная кампанія. Самакіраванні абавязаныя былі ліквідаваць назвы вуліц, якія прапагандуюць камунізм, а таксама разбуралі помнікі мінулай эпохі.

 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара