У Беластоку ўшануюць памяць акаўца “Лупашкі”
Падпалкоўнік Зыгмунт Шэндзеляж “Лупашка” будзе ўшанаваны беластоцкімі раднымі на “Алеі нязломных”. Такое рашэнне прыняла ўправа Беластока, за што прагаласавалі сябры партыі “Права і справядлівасць” ды частка радных прэзідэнта Тадэвуша Трускаляскага.
Яго 5-я Віленская брыгада Арміі Краёвай адказная за знішчэнне беларускай вёскі Вілюкі, падляшскай вёскі Патока, а таксама літоўскай вёскі Дубінкі.
Паводе словаў сябра “Форуму падляшскіх меншасцяў” Славаміра Назарука, які ўстрымаўся ад галасавання, раней былі планы перайменаваць вуліцу генерала Зыгмунта Берлінга ў гонар падпалкоўніка Зыгмунта Шэндзеляжа:
– Некаторыя постаці з’яўляюцца контраверсійнымі для нашага асяроддзя, такія як маёр Зыгмунт Шэндзеляж “Лупашка”. Калі б была вуліца, то гэта было б не вельмі добра, так выказваліся не толькі беларусы ці праваслаўныя, але і палякі, каталікі.
“Алея Нязломных” з’явіцца ў гэтым годзе ў парку каля беластоцкага заапарка. Першымі, хто будуць на ёй ушанаваныя – гэта палкоўнік Войска Польскага і агент амерыканскага ЦРУ Рышард Куклінскі ды падпалкоўнік Зыгмунт Шэндзеляж. На алеі будзе ўшанавана памяць каля 20 постацяў. Кошт пабудовы аднаго помніка складзе ад 30 да 150 тысяч злотых.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя