У Беластоку ўшануюць памяць братоў Балаховічаў (абноўлена)



Радныя абвясцілі 2018-ы годам „Людзей Незалежнасці”. У сувязі з гэтым Рада горада Беластока прапанавала ўшанаваць памяць змагароў розных часоў, звязаных з горадам і рэгіёнам. У спісе, сярод іншых, апынуліся і браты Балаховічы. Прапанова была падтрымана на сесіі рады горада.

Кажа радны партыі „Права і справядлівасць” Павел Мышкоўскі:

– Ёсць два браты – Станіслаў Булак-Балаховіч і Язэп Булак-Балаховіч. Варта іх успрымаць як асоб, якія належаць да той групы безыменных, невядомых змагароў, якія загінулі ў змаганні. Праз ушанаванне гэтых людзей мы хочам ушаванаваць памяць усіх тых невядомых.

Нагадаем, што нядаўна вуліца Станіслава Булак-Балаховіча з’явілася ў Варшаве.

Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1940) – беларускі, польскі і расейскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Расейскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атрада БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г., удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка. Пасля акупацыі Польшчы Трэцім Рэйхам спрабаваў арганізаваць падполле, удзельнічаў у абароне Варшавы. Быў забіты 10 траўня 1940.

Язэп Булак-Балаховіч (1894-1923) – беларускі вайсковы дзеяч, афіцэр пяхоты арміі Расейскай імперыі, палкоўнік Белай арміі, намеснік камандзіра добраахвотніцкіх атрадаў у складзе польскай арміі ў 1920 г., удзельнік антыбальшавіцкай барацьбы ў 1918-1920 гадах. Быў забіты савецкімі агентамі 11 чэрвеня 1923 года, пахаваны на могілках у Белавежы.

 

 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Радэк Пусько