У Беластоку ўзнагародзілі дзеячоў культуры
У Беластоку ўручылі штогадовыя ўзнагароды ў галіне мастацкай творчасці, папулярызацыі і аховы культуры.
Прэмію маршалка Падляшскага ваяводства, сярод іншых, атрымалі: этнограф Войцех Кавальчук, дырыжор акадэмічнага хора Універсітэта ў Беластоку Эдвард Кулікоўскі ды народная мастачка Ядвіга Солінская.
Сёлета журы ўзнагародзіла шэсць чалавек, кажа Анатоль Вап з Дэпартамента культуры ды нацыянальнай спадчыны маршалкоўскай управы:
– У гэтай узнагародзе самае важнае тое, што зрабіў чалавек у галіне культуры, тут няма нейкіх сцісла акрэсленых крытэрыяў. Можа быць гэта ўзнагарода за тое, што чалавек рабіў напрацягу ўсяго жыцця, а можа быць гэта ўзнагарода за канкрэтную справу.
У мінулым прэмію маршалка атрымлівалі падляшскія беларусы – паэтэса з Бельска Падляшскага Надзея Артымовіч, вядомы мастак Лявон Тарасевіч ды этнограф і кіраўнік Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах Дарафей Фіёнік.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя