У Беластоку ўзнагародзілі лаўрэатаў конкурсу «Пазнай Беларусь»
Пластычныя працы, фотаздымкі, літаратурныя творы і мультымедыйныя прэзентацыі пра Беларусь. Такія працы на конкурс, ладжаны Культурным цэнтрам Беларусі ў Польшчы, падрыхтавалі школьнікі з Беласточчыны ды іншых рэгіёнаў краіны. Змаганне праходзіла ў чатырох узроставых катэгорыях. Лаўрэатаў конкурсу «Пазнай Беларусь» узнагародзілі ў памяшканні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. Працы, заяўленыя на конкурс, – самыя розныя па жанры:
– Я падрыхтавала працу пра святую Еўфрасінню Полацкую. Яна – вельмі цікавая асоба.
– Я браў удзел у двух катэгорыях. Я рабіў фотаздымкі пра Беларусь. Таксама я падрыхтаваў літаратурную работу – пра стужку “Сейбіт”. Я разам са сваім татам з’яўляеюся героем гэтага фільма.
– Мой вершык быў пра Беларусь. Пра тое, як мне там было добра і што так добра мне больш нідзе не было!
Школьнікі «пазнавалі Беларусь» ужо шосты раз. Па выніках конкурсу традыцыйна выдаецца альбом з лепшымі працамі. Літаратурныя творы пераможцаў «Пазнай Беларусь» будуць надрукаваныя ў вераснёўскім нумары дзіцячага часопіса «Вясёлка».
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя