У Беластоку ўзнагародзілі лаўрэатаў Фестывалю царкоўнай музыкі
Лепшыя з лепшых выступілі ўчора на гала-канцэрце 35 Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі у Беластоку. Сярод лаўрэатаў апынуліся чатыры беларускія хоры. Першае месца ў катэгорыі прафесійных хораў заваяваў Маскоўскі Дзяржаўны Акадэмічны камерны хор пад кіраўніцтвам прафесара Уладзіміра Мініна.
Сёлетні фестываль вылучаўся разнастайнасцю хораў з розных куткоў свету.
Дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:
– Мы магчыма і мелі ў мінулым большую колькасць хораў, але не мелі такога маштабу, як зараз. Проста цэлы свет – удзельнікі з 20 краін, ніколі такога не было.
Іконнікава Ларыса:
– Я кірую Жаночым камерным хорам Гарадзенскага дзяржаўнага музычнага каледжу. Конкурс вельмі высокага ўзроўню. Я слухала калектывы і здзіўлялася, колькі сабралася сабраўды добрых прафесійных калектываў.
Прафесар Уладзімір Мінін:
– Мне вельмі прыемна бачыць, што гэты фестываль паляпшаецца не толькі па якасці хораў, ён паляпшаецца па якасці арганізацыі.
Анатоль Кісялёў, сябра журы:
– Мы хочам пакінуць пасля сябе некага. І тое, што моладзь падхоплівае нашую ініцыятыву дае нам надзею, што харавое мастацтва ў Расеі, Еўропе, славянскіх краінах на вельмі высокім узроўні. І гэта радуе.
Лаўрэаты з Беларусі гэта: камерны хор «Прэабражэнне» прыхода Божага нараджэння і дзіцячай музычнай школы з Барысава, Хор студэнтаў дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсітэта «Cantus Juventae” з Менску, Жаночы камерны хор дзяржаўнага музычнага каледжу з Гародні ды Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь з Мінска.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток