У Беластоку выберуць ініцыятыву года
Да 20-га чэрвеня грамадскія арганізацыі могуць падаваць заяўкі на конкурс падляшскага ваяводы „Грамадская ініцыятыва года”. Конкурс прасоўвае таварыствы і фонды, якія дзейнічаюць на карысць навакольнага асяроддзя.
Сёлета адмысловым журы будуць абраныя лепшыя ініцыятывы 2015 года ў пяці катэгорыях, кажа ўпаўнаважаны ваяводы па справах развіцця грамадскай супольнасці Томаш Мадрас:
– Заяўкі прымаюцца ў такіх катэгорыях, як адукацыя і спорт, культура і культурная спадчына, будаўніцтва лакальнай супольнасці, транспамежная супраца, а таксама сацыяльная палітыка. Прадугледжана такая катэгорыя, як спецыяльнае адзначэнне. Ідзе пра тое, каб можна было ўзнагародзіць арганізацыі, асобаў ці ініцыятывы за такога кшталту дзейнасць.
Летась узнагароду „Грамадская ініцыятыва года” атрымаў Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры „Шчыты”, які месціцца ў Шчытах-Дзенцялове.
Інфармацыю датычную сёлетняга конкурсу можна знайсці па спасылцы. Пераможцы стануць вядомыя ў ліпені.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя