У Беластоку вырашаць лёс назвы вуліцы Лупашкі
Беластоцкія радныя „Грамадзянскай кааліцыі” хочуць змяніць назву вуліцы Лупашкі. Назва вуліцы падзяліла жыхароў Беластока на праціўнікаў і прыхільнікаў захавання гэтай назвы. Гэтае пытанне ўключана ў павестку дня бліжэйшай сесіі рады горада, прызначанай на 28 кастрычніка.
„Грамазянская кааліцыя” лічыць, што мэтазгодна з ранейшай прапановай прысвоіць гэтай вуліцы назву „100-годдзя правоў жанчын”. Праект пастановы ў гэтым пытанні падрыхтавалі радныя „Форума меншасці Падляшша” і Мацей Бернацкі, аб’яднаныя ў клубе „Грамадзянскай кааліцыі”.
Зыгмунт Шэндзеляж „Лупашка” быў камандзірам 5-й віленскай брыгады АК. На Падляшшы ён адказны між іншым за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках Патока і Вілюкі. Назва адной з вуліц Беластока ў гонар Лупашкі паўстала па ініцыятыве радных „Права і Справядлівасці”, якія тады мелі большасць у радзе горада. Цяпер большасць належыць „Грамадзянскай кааліцыі”. Якое будзе рашэнне ў гэтай справе, даведаемся 28-га кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя