У Беластоку вырашаюць лёс вуліцы Лупашкі



У Беластоку пратэстуюць і збіраюць подпісы супраць перайменавання вуліцы Лупашкі. 

“Маёр Зыгмунт Шэндзеляж, псеўданім “Лупашка” – гісторыя праўдзівая”  – такая сустрэча  прайшла ў суботу ў ваяводскай управе ў Беластоку.  Штуршком стала ініцыятыва  дэпутата Кшыштафа Трускаляскага пра неабходнасць перайменавання гэтай  вуліцы.  Гаворыць  арганізатар сустрэчы і збору подпісаў  Ян  Вальчук  з Падляшскага інстытута Рэчы Паспалітай суверэннай:

– Палітычная ініцыятыва была нядаўна агучана на сесіі Рады горада. Нашы дэбаты мусілі быць арганізаваныя больш дынамічна. Доктар Краеўскі і Тамаш Лабушэўскі атрымалі запрашэнні як аўтары манаграфіі, прысвечанай дзейнасці маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашкі”. Нам, як арганізатарам, было важна, каб у дэбатах прыняло ўдзел як мага больш выступоўцаў.

Падчас сустрэчы супрацоўнік Інстытута нацыянальнай памяці Тамаш Лабушэўскі падкрэсліваў, што маёр “Лупашка” дзейнічаў як абаронца польскага  насельніцтва і выконваў прысуды ад імя польскага ўрада ў выгнанні.

Сустрэча ў ваяводскай управе праходзіла пад ганаровым патранатам падляшскага ваяводы. Прысутнічаў таксама дэпутат ад кіроўнай партыі “Права і справядлівасць” Дарыюш Пянткоўскі, каля дзясятка маладых людзей з эмблемамі нацыяналістычнай арганізацыі ONR,  ды некалькі дзясяткаў беластачан – у большасці прыхільнікаў захавання вуліцы Лупашкі ў Беластоку.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота bialystok.wyborcza.pl