У Беластоку заснавалі таварыства „Вотчына”
Сувязі з польскай нацыянальнай меншасцю ў Беларусі, але з акцэнтам на ўсход краіны. У Беластоку прайшоў устаноўчы сход новай паланійнай недзяржаўнай арганізацыі – Таварыства Сяброў Усходняй Палоніі „Вотчына”.
Падрыхтавалі і зацвердзілі ўстаўныя дакументы, якія патрэбныя для рэгістрацыі, абралі кіраўніцтва і кантралюючыя органы. Асноўныя напрамкі дзейнасці акрэсліў абраны кіраўнік заснаванай арганізацыі Антон Касцоў:
– Падтрыманне польскай Палоніі, палякаў на Беларусі, развіццём польскай мовы, вывучэння польскай мовы, падтрыманне польскай культуры ў Беларусі. Таксама паляпшэнне культурных сувязяў паміж Польшай і Беларуссю, а магчыма і Літвой.
У перспектыве таксама Смаленск, Калінінград, усход не толькі Беларусі, але і больш шырокі. Але найважнейшыя напрамкі – Віцебск, Магілёў, Гомель. Прадстаўнікі таварыства ведаюць патрэбы мясцовай польскай нацыянальнай меншасці, паколькі самі паходзяць з гэтых рэгіёнаў, падкрэслівае намеснік кіраўніка таварыства”Вотчына” Сяргей Гіркін:
– Ім патрэбны найперш адносіны. Напрыклад, я маю такую файную задуму – абмен дзецьмі. Будзем кантактаваць і не толькі, каб нашы беларускія дзеці прыязджалі, але і каб польскія дзеці прыязджалі ў Беларусь.
Наперадзе працэдура рэгістрацыі таварыства ў Польшчы і планаванне першых крокаў дзейнасці. Развіццё грамадскіх і культурных сувязяў Польшчы, Беларусі і Літвы, а таксама асветніцкая дзейнасць – такія прыярытэты для сваёй дзейнасці вызначылі ўдзельнікі устаноўчага сходу ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя