У Беластоку затрыманыя асобы, якія рабавалі беларусаў



Беластоцкая пракуратура выставіла абвінавачанні групе рабаўнікоў ва ўзросце ад 17 да 29 гадоў, якія нападалі на грамадзян Беларусі каля рынку па вуліцы Кавалерыйскай у Беластоку.

Як паведаміў пракурор Марэк Вінніцкі, тры з іх часова арыштаваныя, а чацвёрты застаецца на волі:

– Мы скіравалі абвінаваўчы акт супраць чатырох асобаў, але абвінавачванне ў нападзе на грамадзян Беларусі датычыць трох абвінавачаных. Здарэнне мела месца 30 траўня гэтага года, як і 27 траўня, калі гэтыя мужчыны напалі на грамадзян Беларусі, якія знаходзіліся ў сваіх аўтамабілях. Пасля выбіцця шыбы ў аўтамабілі распылялі газ і забіралі маёмасць.

Рабаўнікі, у прыватнасці, скралі ў аднаго з беларусаў некалькі сот даляраў і дакументы. Ніводзін з нападнікаў не прызнаў сваю віну, хаця аднаму інкрымінуецца крадзеж з ювелірнай крамы. Рабаўнікам пагражае ад 2 да 12 гадоў зняволення.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя