У Беластоку завяршаецца Тыдзень беларускай культуры



Тыдзень беларускай культуры завяршаецца сёння ў Беластоку.

Адзін з арганізатараў мерапрыемстваў і ўдзельнік Аляксей Трубкін адзначае, што сёлета шмат беларусаў, нягледзячы на спёку, прыйшлі разам з дзецьмі на экскурсію па мясцінах, звязаных з беларускай гісторыяй.

– Тут на гэты год трапляюць круглыя даты, звязаныя або з дзейнасцю арганізацыі, або з канкрэтнымі падзеямі. Напрыклад, тое ж інтэрнаванне слуцкіх паўстанцаў у 1921 годзе, то бок 100 год таму, ці стварэнне Таварыства беларускай школы.

На мінулым тыдні Аляксей Трубкін правёў адразу дзве экскурсіі па мясцінах Беластоку, звязаных з беларускай гісторыяй. Гэта важныя мерапрыемствы для беларускай дыяспары, кажа ўдзельнік мерапрыемстваў Зміцер Антончык:

– Я думаю, гэта вельмі важна таму, што людзі, якія з’ехалі з Беларусі, шмат людзей, якія з’ехалі, каб не атрымалася, што яны пакінутыя самі сабе. Гэта гуртуе людзей, знаёміць між сабой. Спадзяюся, што Польшча будзе часовым домам, дзе мы апынуліся зараз.

Тыдзень беларускай культуры быў ініцыяваны офісам дэмакратычнага лідара беларусаў Святланы Ціханоўскай.

Беларускае Радыё Рацыя