У Беластоку згадалі падзеі 17 верасня 1939 года
17 верасня споўнілася 76-ая гадавіна нападу Савецкага Саюзу на Польшчу. У гэты дзень беластачане ўшанавалі памяць усіх ахвяраў і асобаў, вывезеных у Сібір.
Галоўныя ўрачыстасці адбыліся пры двух помніках: ахвярам Катыні і невядомага сібірака. Кветкі і знічы ўсклалі прадстаўнікі ўладаў горада, сілавых структур ды беластачане. Малітвы за ахвяраў савецкай навалы адслужылі каталіцкія, пратэстанцкія і праваслаўныя святары:
– На гэтыя могілкі я часта заходжу. Я ўдзячная тым людзям, якія змагаліся за нашую вольнасць. І мы зараз можам жыць у вольнай Польшчы і карыстацца з гэтага добрадзейства.
– 17 верасня з’яўляецца сімвалічным пачаткам акупацыі земляў даўняй Рэчы Паспалітай. Таму гэта для нас вельмі важная дата.
Савецкая агрэсія ў верасні 1939 года была вынікам дасягнутай раней дамовы паміж СССР і Нямеччынай, якую называюць пактам Молатава-Рыбентропа. На Беласточчыне захопнікі з усходу засталіся да ліпеня 1941 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя