У Беластоку зніклі БЧБ-сцягі каля консульства



У Беластоку 29 сакавіка зніклі нацыянальныя бела-чырвона-белыя сцягі, вывешаныя насупраць консульства і ўзгодненыя з уладамі горада.

Дзяніс, беларускі актывіст, які быў адказны за сцягі, падазрае, што гэта, магчыма, крадзеж. Консульства ані дало адказу, ані падало неабходныя відэаматэрыялы следчым органам. Уся справа мае быць вырашаная польскімі следчымі:

– Перадгісторыя такая, што 25 сакавіка на двух слупах асвятлення былі вывешаныя сцягі, па тры сцягі – на кожным. Мы мелі дазвол ад уладаў. І ў панядзелак вечарам, калі хлопцы прыйшлі паглядзець, заўважылі, што сцягоў няма. Яны патэлефанавалі мне, гэта было ўвечары. Менавіта ўвечары яны дзесьці а васямнаццатай зніклі, таму што да гэтага, ёсць інфармацыя, яны былі. Кантакту з консульствам няма наогул, яны не ідуць на кантакт, таму пытаць іх пра інфармацыю з камер няма сэнсу, напэўна, скралі.

Астатнія тры сцягі, якія віселі на іншым слупе, па ўзгадненні з уладамі, былі знятыя беларусамі і адкладзеныя да наступных беларускіх акцыяў.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя