У Беластоку з’явілася чарговае графіці супраць вуліцы „Лупашкі”



„Праўды не замаляваць! Лупашка – злачынца!!!” – такое графіці ў чарговы раз з’явілася на плоце адной з пабудоў на вуліцы Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”.

Фота facebook.com/katarzyna.paszkiewicz

Рада Беластока ў красавіку прыняла рашэнне пра тое, каб адна з вуліц у Беластоку была названа ў гонар камандзіра 5-й Віленскай брыгады АК Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”.

Супраць гэтай ідэі выступіла частка радных. У канцы траўня была складзена заява пра змену назвы вуліцы, кажа радны ад Форума меншасцяў Падляшша Стэфан Нікіцюк:

– У пятніцу 25-га я падпісаў такую заяву, якую павінны былі падпісаць мінімум пяцёра радных. Заява пра змену назвы, бо людзі выступаюць супраць. У раёнах Скарупы і Засцянкі, там яшчэ Прамысловы раён, шмат праваслаўных, я не дзіўлюся, што праваслаўныя супраць.

Першыя графіці супраць вуліцы Зыгмунта Шэндзеляжа з’явіліся ў ноч на 22 траўня, у гадавіну пацыфікацыі вёскі Патока яго аддзелам. Беластоцкія правыя абвясцілі, што будуць патруляваць вуліцу, каб інцыдэнты не паўтараліся. Радныя Форуму меншасцяў Падляшша імкнуцца законным шляхам дамагчыся змены назвы вуліцы. 

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя