У Беластоку з’явіліся банэры з “выклятым жаўнерам ”Лупашкам”
Два вялікія банэры з надпісам “Змагаўся за незалежную Польшчу і для яе загінуў” ды выявай “Лупашкі”, якія з’явіліся ў Беластоку — гэта пралог нацыянальнага свята – Дня выклятых жаўнераў, які ў Польшчы адзначаецца 1 сакавіка.
Падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Інстытуце нацыянальнай Памяці дырэктар беластоцкага адзелу інстытуту Пётр Кардэля і Маршалак Падляшша Артур Касіцкі патлумачылі, чаму сімвалам “выклятых жаўнераў” на Падляшшы стаў менавіта Маёр Зыгмунт Шэндзеляж “Лупашка”. Гаворыць марашалак Артур Касіцкі:
– Сімвал змагара, які звязаны з Падляшскім ваяводствам. Асобай, якая аддала жыццё і якая стала праз камуністычны рэжым вельмі негатыўна трактавана.
– Маёр “Лупашка”, польскі патрыёт, таму намі так адзначаны, бо 8 лютага 1951 года быў пакараны смерцю. Ён з’яўляецца сімвалам таго, што было ў сэрцах палякаў, якія былі супраць саветызацыі паваеннай Польшчы.
“ Я гаварыў з многімі праваслаўнымі ў Беластоку і ніхто ніколі не аспрэчваў таго, што маёр Зыгмунт Шэндзеляж “Лупашка” герой,” – сказаў падчас прэс-канфэрэнцыі Артур Касіцкі. Ён адзначыў таксама, што радныя “Форума меншасці Падляшша” не з’яўляюцца прадстаўнікамі праваслаўных у Беластоку:
– Ніхто з праваслаўнага асяроддзя да мяне не патэлефанаваў і не сказаў, што менавіта гэтая асоба выклікае сумневы. Я не маю такой інфармацыі – афіцыйнай ці неафіцыйнай. Таму ў гэтай сітуацыі я прапаную не гаварыць за ўсіх. Вашым довадам ёсць тое, што Форум прадстаўляе гэтае асяроддзе. Гэта нейкае аб’яднанне? Ён не прадстаўляе праваслаўных.
Маршалак Падляшша Артур Касіцкі і дырэктар беластоцкага аддзелу Інстытута нацыянальнай памяці Пётр Кардэля прадставілі сёння план святкаванняў Дня выклятых жаўнераў. Не выключана, што ў адной з урачыстасцяў у Цеханоўцы прыме ўдзел прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Дэпутат ад Падляшша ў Сейме Кжыштаф Трускаляскі накіраваў дэпутацкія запыты ў справе банэраў у Інстытут нацыянальнай Памяці, маршалку Падляшскага ваяводства і прэзідэнту Польшчы Анджэю Дудзе. Падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі дэпутат Кжыштаф Трускаляскі сказаў:
– У Беластоку няма месца такім плакатам. Няма месца героям і антыгероям, якія дзеляць нашу беластоцкую і падляшскую супольнасць. Таму я сёння гучна заяўляю – не! Хацеў бы яшчэ заўважыць, што сябры ПіС вельмі ахвотна наведваюць розныя ўрачыстасці, арганізаваныя праваслаўнымі. Сядзяць у першых радах і не маюць з тым праблем. Як вам не сорамна?! Гэта проста правакацыя, якая ніколі не мусіць мець месца!
Сёння ў фэйсбуку была створана група, якая мелася пратэставаць супраць банэраў з Лупашкам і супраць гларыфікацыі яго дзеянняў. У 14 гадзінаў прастэставаць ля інстытута прыйшлі дзве асобы.
– Хочам пратэставаць супраць услаўлення “Лупашкі”. Відавочна, што маршалак Касіцкі і ягоныя паплечнікі спрабуюць выкарыстаць гэта ў палітычных мэтах, спрабуюць пасварыць жыхароў горада паміж сабой. Асабіста я лічу, што гэта папросту плявок у твар людзям праваслаўнага веравызнання. Маглі выбраць на білборды іншых асобаў, што змагаліся за Незалежнасць, але выбралі для гэтага злачынцу.
Два банэры з выявай „Лупашкі” з’явіліся на беластоцкіх будынках на вуліцах Каперніка і Браніцкіх. Выявы маёра Зыгмутна Шэндзеляжа ў публічнай прасторы Беластока – гэта ініцыятыва маршалкоўскай управы, беластоцкага аддзелу Інстытута нацыянальнай Памяці і Падляшскага інстытуту культуры. Банэры з’явіліся як пачатак адзначэння нацыянальнага свята ў Польшчы – Дня выклятых жаўнераў. Пасля 1 сакавіка банэры будуць знятыя, паведаміў дырэктар ІПН ў Беластоку. Дзень выклятых жаўнераў увёў ў каляндар нацыянальных святаў у Польшчы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі ў 2011 годзе.
Нагадаем, што “тварам” свята „выклятых жаўнераў” на Падляшшы стаў маёр Зыгмунт Шэндзеляж, адказны за карныя аперацыі ў траўні 1945 года ў беларускіх вёсках на Беласточчыне: Патокі, Вілюкі і Доўгі Брод.
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток