У Беластоку з’явіліся першыя бутэлькаматы
У Беластоку з’явіліся два першыя бутэлькаматы, у якія жыхары горада могуць укідваць пластыкавыя бутэлькі. Яны з’явіліся ў будынках гарадской управы. Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі падчас прэс-канферэнцыі адзначыў, што ў адзін аўтамат умяшчаецца 240 бутэлек.
Пасля запаўнення, бутэлькі будуць прадаваць фірмам, якія займаюцца перапрацоўкай адкідаў:
– Маем магчымасць продажу таго, што адтуль пазней будзе вынята, па 10 грошай за штуку. Гэтыя грошы прызначым на новыя саджанцы дрэваў – на азеляненне Беластока.
Паводле Тадэвуша Трускаляскага, адна бутэлька PET утрымлівае да чатырох тысяч розных складнікаў, а яе расклад у прыродзе можа доўжыцца да пяцісот гадоў. Беластоцкі магістрат купіў бутэлькаматы з дапамогай гарадской камунальнай арганізацыі „Lech”, кошт аднаго аўтамата складае каля 48 тысяч злотых. Новая ініцыятыва скіраваная таксама на адукацыйныя мэты.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота wspolczesna.pl