У Беластоку з’явіцца кальцавая ВКЛ?
Праўдападобна, што да сакавіка ў Беластоку з’явіцца кальцавая развязка, якую назавуць у гонар Вялікага Княства Літоўскага. Грамадскі дзеяч Радэк Пусько прапанаваў у мінулым годзе мясцовым уладам назваць вуліцу, плошчу або сквер у гонар ВКЛ.
Грамадскі актывіст вырашыў даведацца, як прасоўвацца справа, і запытаў пра гэта на сесіі Рады горада Беластока. Паводле яго словаў, Рада павінна прыняць адпаведную пастанову:
– На пачатку 2018 года я вырашыў нагадаць уладам, афіцыйна запытаць на сесіі Рады горада Беласток, як прасоўваецца справа з наданнем вуліцы, ронду, скверу або пляцу імя Вялікага Княства Літоўскага. Я атрымаў інфармацыю, што калі ўсё пойдзе добра, а я веру, што ўсё пойдзе добра, то на сесіі ў лютым ці сакавіку адбудзецца галасаванне. Праўдападобна кальцавая развязка Вялікага Княства Літоўскага будзе.
Кальцавая развязка, якая можа быць названа ў гонар ВКЛ, знаходзіцца ў раёне Баяры, на скрыжаванні вуліц Сланімскай, Добрай і Скарупскай. Паводле гісторыкаў, менавіта ў гэтым месцы праходзіла мяжа паміж Польскай Каронай і ВКЛ.
На гербе Беластока захавалася вялікакняская Пагоня і польскі арол.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
