У Беластоку з’явіцца мяжа Польшчы і ВКЛ
У Беластоку хочуць пазначыць месца ў якім праходзіла мяжа паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. Магчыма з’явіцца памежны слуп або шыльда.
Найлепш, каб было адно і другое. Аднаго слупа без інфармацыі пра тое, што ён сімвалізуе, будзе замала, кажа кіраўнік асацыяцыі „Нашы Баяры” Збігнеў Клімашэўскі.
Збігнеў Клімашэўскі. Фота poranny.pl
Пра тое, каб пазначыць, што вуліца Скарупска некалі падзяляла Карону і Літву, казалася неаднаразова. Я цешуся, што горад нарэшце вырашыў гэта зрабіць. На вуліцы Скарупскай маглі б затрымлівацца турыстычныя экскурсіі, каб зрабіць фотаздымкі ў гэтым гістарычным месцы. Яно дакладнна стала б турыстычнай цікавосткай, падкрэслівае Клімашэўскі.
Нагодай для таго, каб нагадаць пра былую мяжу, з’яўляецца рэканструкцыя вуліцы, якая завершыцца ў гэтым годзе.
Пакуль мы думаем, у якой форме адзначыць гэты гістарычны факт. Ніякія рашэнні пакуль не прыняты, кажа Ганна Кавальска з магістрату.
Збігнеў Клімашэўскі мяркуе, што было б лепш паставіць слуп і памятнаю шыльду на скрыжаванні вул. Скарупскай і Вікторыі ці з Кашыковай. Гэтыя два месцы падаюцца натуральнымі, бо дзве гэтыя гістарычныя вуліцы з’яўляюцца так званым сэрцам Баяр (раён Беластока), кажа ён.
Гісторык Веслаў Урубель сцвярджае, што мяжа на 100 працэнтаў праходзіла па сучаснай вуліцы Скарупскай. Няцотныя нумары – гэта тэрыторыя Кароны, а цотныя ВКЛ.
Паводле poranny.pl