У Беластоку з’явіцца тапонім у гонар ВКЛ?
Грамадскі дзеяч Радэк Пусько падаў прэзідэнту Беластока заяву з просьбай назваць вуліцу, плошчу ці сквер у гонар Вялікага Княства Літоўскага.
Паводле яго слоў, ВКЛ з’яўляецца супольнай гістарычнай спадчынай беларусаў, палякаў і літоўцаў, таму ў Беластоку, які вядомы сваім шматнацыянальным характарам, павінны з’явіцца тапонім у гонар ВКЛ.
Радэк Пусько лічыць, што прэзідэнт і чыноўнікі павінны адгукнуцца на гэтую прапанову:
– Прыняццё гэтага рашэння я пакідаю прэзідэнту, які лепш абазнаны ў гэтым. Падначаленыя яму чыноўнікі лепш ведаюць, дзе праектуюцца новыя скверы, плошчы, вуліцы ці ёсць вольныя месцы. Чакаю пазітыўнага рашэння, бо Вялікае Княства Літоўскае – гэта наша гісторыя, наша супольная традыцыя, наша спадчына, якая патрабуе годнага ўшанавання.
Чыноўнікі будуць разглядаць заяву і шукаць адпаведнае месца. Калі такое месца знойдзецца, то прэзідэнт накіруе адпаведны праект пастановы на сесію гарадской Рады.
Падляшша да 1569 года было ў складзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі ўвайшло ў склад Польскага Каралеўства. Да сённяшняга дня на гербе Беластока захаваўся герб “Пагоня”.
Беларускае Радыё Рацыя, Лукаш Леанюк