У Беластоку з’явіцца Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі



У Беластоку будзе створаны Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі. Міністр Ян Дзедзічак падчас візіту ў Беласток сустрэўся з прадстаўнікамі Падляшскага аддзялення Асацыяцыі „Польская супольнасць” і Рэгіянальнага цэнтра міжнародных дэбатаў. Ён таксама наведаў „Беларускае Радыё Рацыя”. Яго суправаджаў Ян Бадоўскі, дырэктар Дэпартамента супрацоўніцтва з польскай дыяспарай і палякамі за мяжой.

Кажа паўнамоцны прадстаўнік ўрада польскай дыяспары і палякаў за мяжой, міністр Ян Дзедзічак:

– Мы ведаем пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, з якімі рэпрэсіямі сутыкаюцца нашы суайчыннікі ў гэтай краіне, і Польшчы гэта не абыякава. Польшчы не ўсё роўна тое, што адбываецца ў нашай усходняй суседцы. Нам не абыякавыя падзеі ў краіне, якая з’яўляецца найбліжэйшай да нас, народ беларускі з’яўляецца бліжэйшым народам для палякаў. Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі вылучыў вялікія рэзервы ў памеры 50 мільёнаў злотых, каб дапамагчы беларускім грамадзянам, якія пацярпелі ад рэжыму, знайсці сябе ў нашай краіне – для іх арганізаваны месцы ва ўніверсітэтах і месцы падвышэння кваліфікацыі.

 У Беластоку будзе створаны цэнтр, дзе ўсе палякі, якія пражываюць у Беларусі, і перш за ўсё ў Гарадзенскай вобласці, якія вырашаць пераехаць у Польшчу, змогуць атрымаць інфармацыю пра тое, як акліматызавацца ў Польшчы, атрымаць дапамогу, даведацца пра магчымасці і ўмовы знаходжання ў Польшчы.

Намеснік міністра адукацыі і навукі Дарыюш Пянткоўскі падтрымаў ідэю, каб Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі знаходзіўся як мага бліжэй да мяжы з Беларуссю:

– У гэтай складанай сітуацыі для палякаў з Гародні, Ліды і іншых месц Беларусі, гэтая дапамога мусіць быць як мага бліжэй да мяжы з Беларуссю. Таму Беласток з’яўляецца натуральным месцам для аказання такой дапамогі. Мы маем кантакты з прадстаўнікамі польскай меншасціна на ўсходзе. Хочам, каб гэтая дапамога дайшла да ўсіх, хто найбольш яе патрабуе. Маем надзею, што гэты пункт дапамогі палякам пачне як мага хутчэй дзейнічаць. І ў Беласток трапіць група палякаў з Беларусі, частка з іх шукае тут магчымасць вучыцца, частка  – хоча працаваць, частка – застацца тут жыць. І гэтая дапамога накіраваная на тое, каб яны змаглі сябе тут добра адчуваць.

Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі нагадаў, што рэгіён супрацоўнічае з Беларуссю, але з-за бягучай палітычнай сітуацыі ў суседняй краіне, супрацоўніцтва пагасла:

– З другой паловы 2017 года мы выдалі больш за 5700 картаў паляка. У той момант, калі дзейнасць нашых консульскіх і дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі істотна абмежаваная, мы хочам выконваць дадатковую функцыю.

Беластоку адводзіцца роля сувязнога ланцугу паміж Польшчай і палякамі, якія вырашаць пакінуць Беларусь.

Акрамя гэтага гарантавана далейшая падтрымка незалежных беларускіх СМІ,  у тым ліку «Беларускага Радыё Рацыя». 

Пра гэта заявіў паўнамоцны прадстаўнік ўрада польскай дыяспары і палякаў за мяжой, міністр Ян Дзедзічак, які падчас візіту ў Беласток наведаў офіс „Беларускага Радыё Рацыя”:

– Урад распачаў падтрымку і “Белсату”, і “Беларускага Радыё Рацыя”. Дзякуючы партыі “Права і спправядлівасць” і ўраду яны атрымалі фінансаванне, бо раней не было на гэта сродкаў.

Па словах Яна Дзедзічкі, Польшча ў адказ на рэпрэсіі ў дачыненні да палякаў на тэрыторыі Беларусі, гатовая да ўсіх сцэнароў.

Цалкам матэрыял:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток