У Беластоцкім драмтэатры пакажуць спектакль пра Ежы Папялушку



Прэм’ера ў Беластоцкім драматычным тэатры імя Аляксандра Венгеркі. Сёння тут пакажуць спектакль «Папялушка».

Ён створаны на фактах з жыцця Блаславёнага Ежы Папялушкі, польскага каталіцкага святара, звязанага з «Салідарнасцю», ураджэнца Падляшша, якога ў 1984 годзе забілі камуністычныя спецслужбы. Ролю Ежы Папялушкі на беластоцкай сцэне выконвае запрошаны з Варшавы акцёр Якуб Ласота.

– У тэксце п’есы ёсць шмат фактаў, пра якія раней не ведаў. І думаю, што гэта будзе цікава і гледачу. Я імкнуўся даведацца і зразумець, якім Ежы быў як чалавек, каб яго ўбачыць. Я шукаў розную інфармацыю, якая давала такую мажлівасць. Тэатр дапамагае паказаць чалавека знутры.

Спектакль да 33-й гадавіны смерці Ежы Папялушкі створаны па ініцыятыве рэгіянальнага прадстаўніцтва прафсаюза «Салідарнасць». Да фінансавання праекта таксама далучыліся Беласток і Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства. Прэм’ера сёння, 21 кастрычніка, а 19.00 на сцэне Беластоцкага драматычнага тэатра.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя