У Беластоцкім музеі вёскі з’явіцца „беларускі двор”
„У наступным годзе хочам пабудаваць у новым музеі традыцыйны беларускі сялянскі двор з Усходняга Падляшша”, – кажа дырэктар Беластоцкага музея вёскі Артур Гавел.
З 1-га верасня музей пад адкрытым небам ператворыцца ў Падляшскі музей народнай культуры. Такім чынам ён адлучыцца ад Падляшскага музея і будзе самастойна вырашаць пра сваё развіццё і пакупку новых будынкаў.
Як кажа Артур Гавел, новы музей ужо цікавіцца збудаваннямі з ваколіц Орлі:
– У нас ёсць вельмі цікавая стадола XIX стасгоддзя з мясцовасці Рэдуты. Музей – гэта не толькі будынкі, мы таксама хацелі б, каб іх абсталяванне было арыгінальным – гэта значыць куплена разам з імі, а таксама каб нейкае жыццё з’яўлялася ў іх час ад часу.
„Хочам супрацоўнічаць з Музеем малой бацькаўшчыны ў Студзіводах і фальклорным калектывам „Жэмэрва”, – дадае Гавел.
У мінулыя гады „Жэмэрва” прэзентавала ў музеі традыцыйныя беларускія абрады, сярод якіх старадаўняе „Ваджэнне куста”.
Беластоцкі музей вёскі быў заснаваны ў 1982 годзе. Цяпер ён уключае ў сябе 28 гектараў, на якіх знаходзяцца сорак аб’ектаў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя