У Белавежскай пушчы працягваюць высечку



На тэрыторыі Белавежскай пушчы працягваецца высечка дрэваў, нягледзячы на часовую забарону, якую выдаў Суд Еўразвяза.

Міністр навакольнага асяроддзя Ян Шышка афіцыйна дасць паказанні ў судзе да 4 жніўня. Ён таксама паведаміў, што польскі ўрад ахоўвае пушчу з улікам усіх нормаў і законаў.

Нагадаем, Еўрапейскі суд пастанавіў спыніць высечку дрэваў у пушчы і вываз старых і мёртвых дрэваў адтуль да таго часу, пакуль не будзе канчаткова разгледжана справа. Штраф за невыкананне пастановы складае да 300 тысяч еўра за кожны дзень, у якім вяліся работы па знішчэнні дрэваў насуперак пастанове суда.

У панядзелак экалагічныя актывісты заўважылі працаўнікоў, якія працягнулі высякаць дрэвы, паведамляе „Gazeta Wyborcza”. Актывісты заявілі, што адшукалі тры месцы ў пушчы, дзе вядуцца работы. Яны заяўляюць, што ўлады ігнаруюць рашэнне Еўрапейскага суда.