У Белавежскай пушчы знайшлі старажытныя збудаванні
У рамках праекта „LIFE + ForBioSensing: Комплексны маніторынг дынамікі дрэвастояў Белавежскай пушчы з выкарыстаннем дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання” для польскай часткі Белавежскай пушчы, група навукоўцаў, прааналізаваўшы дадзеныя лазернага сканавання зямной паверхні, зрабіла даволі цікавае адкрыццё раней невядомых антрапагенных археалагічных аб’ектаў.
На польскай частцы Белавежскай пушчы недалёка ад дзяржаўнай мяжы Беларусі, на тэрыторыі, пакрытай пушчанскім векавым лесам, знойдзены лінейныя, у асноўным замкнёныя аб’екты розных памераў (некалькі дзясяткаў метраў), вышынёй у 20-30 сантыметраў. Частка скапленняў дадзеных аб’ектаў займаюць тэрыторыю ў дзясяткі кварталаў і размешчаныя ў асноўным на ўзвышаных месцах. На некаторых участках праведзеныя археалагічныя працы, што дазволіла выявіць каменныя канструкцыі шырынёй каля двух метраў. Як мяркуюць польскія даследчыкі, гэтыя рукатворныя канструкцыі, хутчэй за ўсё, з’яўляюцца рэшткамі межаў сельскагаспадарчых палёў.
Не менш цікавы той факт, што дадзеныя канструкцыі ў некаторых месцах залягаюць пад археалагічнымі аб’ектамі (могільнікі, курганы і г. д.), датаванымі раннім Сярэднявеччам (V-XII стагоддзя н. э.), што кажа пра больш ранняе паходжанне. У бліжэйшай будучыні навукоўцы Польшчы паспрабуюць высветліць дакладную датыроўку гэтых аб’ектаў і іх функцыі, а таксама дэталёва вывучыць змесціва ўнутры лінейных канструкцый.