У Белавежы абмяркоўвалі міжрэгіянальную супрацу
Новыя пераходы, дарогі і супраца ў галіне турызму – гэта тэмы, якія закраналіся на паседжанні польска-беларускай падкамісіі па справах міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў Белавежы. Як кажа маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі, галоўна задача, якая стаіць перад памежным мясцовым самакіраваннем, – гэта разбудаваць старыя і стварыць новыя памежныя пераходы, а таксама адрамантаваць дарогі, якія да іх вядуць:
– Размаўлялі пра тое, каб стварыць новыя і разбудаваць старыя памежныя пераходы на тэрыторыі Падляшскага, а таксама Люблінскага ваяводстваў.
Гаворка ідзе пра закрытыя цяпер пераходы Ліпшчаны-Сафіева і Катэрка-Высокае. Прадстаўнікі Падляшскага ваяводства і Берасцейскай вобласці дыскутавалі таксама, як выкарыстаць еўрапейскія грошы з праграмы Польшча-Беларусь-Украіна. Намеснік старшыні Берасцейскага аблвыканкама Андрэй Клец гаворыць, што важна атрымаць грошы не толькі на дарогі і пераходы, але таксама на турыстычную інфраструктуру ў Белавежскай пушчы:
– Напрыклад, па праекту Белавежская пушча гэта будзе распрацаваны маршрут, дакладна распрацаваная інфраструктура для таго каб турысты, якія будуць рухацца па гжтым маршруце разумелі якія ўмовы ёсць з аднаго і другога боку. І каб ён меў інфармацыю пра тыя аб’екты, якія там знаходзяцца. Гэты праект прадугледжвае рэканструкцыю, рэстаўрацыю і аднаўленне гістарычных аб’ектаў для турыстычнага маршрута.
Першыя грошы ў межах праграмы Польшча-Беларусь-Украіна будуць даступныя ў канцы года. На праекты праграмы Польшча–Беларусь–Украіна да 2020-га года прызначана сто шэсцьдзясят мільёнаў еўра.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Белавежа