У бельскай школе №3 адзначылі Дзень патрона
У Пачатковай школе №3 з дадатковым навучаннем беларускай мове імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску Падляшскім у сераду адбыўся Дзень патрона. Гэта свайго кшталту падвядзенне вынікаў навучання беларускай мове і культуры ў бягучым навучальным годзе. Адначасова і знаёмства з абрадамі і традыцыямі беларусаў Падляшша.
На мерапрыемства былі запрошаныя бацькі вучняў, каб пазнаёміцца з іх дасягненнямі ў вучобе. Шмат вучняў таксама прымаюць удзел у прадметным конкурсе па беларускай мове.
Кажа настаўніца беларускай мовы Валянціна Бабулевіч:
– Нашы вучні ад самага пачатку бяруць удзел у прадметным конкурсе. Як хтосьці хто ўважліва глядзіць, то ведае, што амаль кожны год палова лаўрэатаў прадметнага конкурсу, гэта нашыя вучні. У гэтым годзе таксама, на шэсць трое нашых лаўрэатаў. Не лічу ўжо фіналістаў. Гэта дае вялікі козыр для нашых вучняў, таму, што гэта дазваляе паступіць у кожную сярэднюю школу без лічэння балаў. Бацькі многія ведаюць пра гэта, таму вучні так ахвотна ўдзельнічаюць у гэтым нялёгкім конкурсе, бо ён з году на год штораз цяжэйшы, як і кожны прадметны конкурс. Але цешуся, што ў нас вучняў ахвотных ёсць заўсёды шмат.
Варта адзначыць, што ў гэтым навучальным годзе Пачатковая школа №3 з дадатковым навучаннем беларускай мове імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску Падляшскім апынулася на трэцім месцы ў Падляшскім ваяводстве па колькасці лаўрэатаў прадметных конкурсаў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя