У Бельску-Падляшскім гучыць паэзія



У горадзе праходзіць мерапрыемства «Бельск домам паэзіі». У рамках яго насупраць Гарадской управы, у парку імя Каралевы Гэлены ды ля Бельскай ратушы гучаць вершы ў выкананні мясцовай моладзі пад акампанемент музыкі, якую граюць маладыя выканаўцы.

CIMG4606

Вершы беларускіх, польскіх і ўкраінскіх паэтаў, звязаных з Бельскам-Падляшскім. Сярод дэкламатараў – Аляксандра Сарокіна, якая чытае вершы сябра Беларускага аб’яднання «Белавежа»  Юрыя Баены:

– Гэта вядомы бельскі аўтар. І я вельмі рада, што магу прэзентаваць ягоныя вершы. Я дэкламую творы “Вясна”, “Мой Бельск”, “Золатам і чырванню” і “Думкамі, марамі”. Гэта цікавая ініцыятыва, таму  што людзі ў Бельску мала чытаюць вершы, мала ведаюць пра гэтых аўтаў. І дзякуючы гэтай ініцыятыве людзі могуць паслухаць, падзяліцца з намі сваімі ўражаннямі.

Дэкламатары чытаюць таксама творы іншых беларускіх паэтаў, звязаных з Бельскам-Падляшскім: Жэні Мартынюк, Юркі Баены ды Соф’і Сачко (якая піша творы на мясцовым падляшскім дыялекце), польскіх: Беаты Яцэвіч, Кардыяна Міхальскага, Тадэвуша Залеўскага, ды ўкраінскія вершы Яна Кірызюка. Агулам чытанні будуць працягвацца да 14:30 ды з 16:00 да 17:30.

У 18:00 гадзін у Бельскім доме культуры пройдзе афіцыйная сустрэча з паэтамі і дэкламатарамі. Стваральнікам мерапрыемства «Бельск домам паэзіі» выступіў сябра «Таварыства паэтаў бельскай зямлі» Андрэй Сальнікаў, творы якога таксама дэкламуюць. Мерапрыемства ёсць рэалізаванае ў рамках «Культурны цягнік – прыпынак Бельск-Падляшскі».

[Not a valid template]

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск-Падляшскі

Фота аўтара